— А вазьмі майго бацьку — светлай памяці Ігната, — важна сказаў Грыгор. — У адной кашулі век прахадзіў, а разумнейшы за ўсіх быў!
Цяпер ён не саромеўся свайго бацькі, а пры кожным выпадку падкрэсліваў, што, хоць і запознена, а, канешне ж, спрацавалі бацькавы чары — інакш хіба быў бы ён, Грыгор, такі ўдачлівы?
З палучкі Пятро купіў у горадзе касцюм, дваццаць пачкаў «Прымы». Пералічыў рэшту. Застаўся такі мізэр, што яму стала сумна. А трэба яму быў той касцюм, паміраў ён без яго, ці што? Захацелася нават вярнуцца і папрасіць, каб забралі назад. Але сорамна было. Вось купі кепска, і не купі тое ж.
Зайшоў у сталовую, выпіў вінца, занюхаў рукавом — апошнім часам ён зусім перастаў закусваць, не лезла нічога. Да станцыі паехаў дызелем. Сонейка вераснёвае грэла, мухі зумерылі каля мутнага шкла. Закалыхала, развезла Пятра. На станцыі пачаў пераходзіць рэйкі, запляліся ногі, грымнуўся, як стаяў — уперад, пераноссем на стальную рэйку. Кроў так лінулася, што пакунак з касцюмам стаў мокры, а «Прыма» ў сетцы з чырвона-белай ператварылася ўся ў чырвоную. У бальніцы паглядзелі, што п’яны, бедна адзеты, ніхто нічога не выпраўляў, сяк-так на хуткую руку зашылі, як шавец цыруе дзіравы бот… Так і зраслося. Пераносіцы не стала зусім. Замест роўнага сімпатычнага носа цяпер тырчэла паміж шчок качыная пляскатая дзюбка, а на тым месцы, дзе была пераносіца, сярод праваленых зморшчын, свяцілі дзве маленькія, як іголкай праткнутыя, дзірачкі. Калі Пятро курыў, дым ішоў праз рот, праз ноздры і струменіўся праз гэтыя дзірачкі. Яшчэ яны пасвіствалі. Пятро скажа слова — свісь! На спачуванні — маўляў, чэрці, не маглі зашыць па-людску, адказваў:
— Такая ўжо кабеціна была дабрачая (свісь дзірачкамі!)… Ад душы!
— Яна ж цябе знявечыла!
А ён сваё:
— Каб не мая, я б з ёю яшчэ (свісь!)…
Ён яшчэ не да канца разумеў, што здарылася, думаў, ён па-ранейшаму Кветка. Неяк прыйшоў да Махновачкі.
— Дай машынку, Сюзана падстрыгчы абяцала.
— Пятро, — сказала Махновачка, дастаючы з шуфляды прадаўгаваты футаральчык, стараючыся быць строгай. — Ты ж глядзі… Людзі без рук, без ног чапляюцца… Ну што ж гэта — шклянка і папіроса… Ты ж раней неяк так не піў моцна… Пачакай, на цукерак Сюзане…
Сюзана прарэзала дзірку ў газеце, адзела Пятру на галаву, застрыкала каля вуха машынкаю.
— А чаго вы касцюм не носіце?
— Ён мне ў плячах шыракаваты, — Пятро асцярожна павярнуўся пад газетай каб паказаць, і свіснуў носам.
— А не сварылася?
— Не.
— Ну, правільна… Раўнавала. А цяпер каму вы трэба?
— Грыша, што там стрыкае? — капрызнічаў голас за печчу. — Чаго тут людзі? Я баюся!..
Грыгор нешта думаў, пазіраючы на Пятра.
— Слухай, — сказаў ён, — я не магу на цябе глядзець без смеху. — Зняў са сцяны прадаўгаватае люстэрка з утыркнутай у раму навагодняй паштоўкай. — На сам паглядзі. Ну які ты Кветка? У нас адзін быў такі, на цябе падобны, дык мы яго дражнілі Носар. Я цябе цяпер таксама буду зваць Носар, добра?
Так пакрысе Пятру пачало адкрывацца, што ён ужо не той, якім быў да 11 верасня. Цяжка было змірыцца з гэтым. Канешне, прывык чалавек да прыгожай знешнасці, думаў, яна вечна з ім будзе. Піў ён па-ранейшаму — да таго, што Валя ўжо махнула рукой і нават біць перастала, ды і без толку гэта, ён усё роўна не адчуваў болю.
Прайшла восень, настала зіма, мінуў снежань, а ў студзені Пятро ўзяў касцюм пад паху і панёс па хатах прадаваць. Ніхто не купіў. Затое напаілі так, што ўвечары Пятро ўпаў на падлогу, з рота ў яго паказаўся сіні агеньчык, як з газавай камфаркі. На гэты раз усур’ёз спалоханая Валя разаслала дочак ва ўсе канцы: Любу — па Махновачку, Веру — да Маслоўскага, выклікаць «хуткую», Надзю — да Сюзаны, бо трэба ў такіх выпадках, калі п’яніца «гарыць», каб маладзіца памачылася ў рот. Сюзана накінула паліто, без хусткі, пакуль дабегла — Валя з Махновачкаю ўжо галасілі на ўсю вуліцу.
Хавалі Пятра ў мароз. Дрэвы стаялі ў белым інеі. Мікалай Мірон у кажусе, у тоўстых рукавіцах, у шапцы з апушчанымі вушамі на могілках глядзеў, як капаюць яму, і даваў парады.
— Яно толькі здаецца, што мароз, а ў мароз зямля не цвёрдая… Так, зверху, сантыметраў дваццаць пяць — трыццаць, — здымаў рукавіцу, нагінаўся, мацаў, а зямля і праўда чым глыбей, тым цяплей была.
На памінкі Кулініч прывёз аднекуль ласінае сцягно. Махновачка нарабіла катлет, наварыла застудзіны. Зрэшты, і так усяго хапала, бо тады яшчэ была традыцыя абавязкова несці на памінкі кісель, бутэльку, міску з вінегрэтам, курыцу ці кавалак мяса.
Састаўленыя сталы перасякалі ўсю хату. Але месца ўсё роўна ўсім не хапала, бо людзей на могілках было многа. Вырашылі памінаць зменамі: хто выйдзе — другі зойме яго месца.
— Колісь так — калі сеў, то сеў, — успамінаў Мікалай Мірон. — А падняўся, больш не сядзеш. А цяпер жа кураць. Выйшаў, пакурыў, зноў вярнуўся…
З чужых прыехалі з горада далёкія сваякі па Валінай лініі, муж з жонкаю. Жонка была мясцовая, яе ведалі, а мужа першы раз бачылі. Сціпленькі, культурненькі, у касцюмчыку-гальштучку, маленькага росту, акуратна падстрыжаны, падобны на вучонага ці на настаўніка матэматыкі. Ён не курыў і ад спіртнога адмовіўся катэгарычна, кіўнуўшы ў бок могілак: «Свежы прыклад!» Яго адразу запаважалі.
Толькі пачалі ўсаджвацца, як раптам Сюзана наўзрыд заплакала:
— Я вінаватая!.. Каб хутчэй паспела… Жыў бы!
Валя вусны падціснула, упарта глядзела ў талерку перад сабой. Увесь яе выгляд паказваў — так, вінаватая. І ты, і ўсе за гэтым сталом, толькі не я.
Махновачка аж рукамі пляснула: