Дзікі Луг - Страница 6


К оглавлению

6

— Чалавека прыпячэ — ён знойдзе, а то карова…

— Свет вялікі, усяго бывае…

Паглядзелі на цёмную пляму Грыгоравага шалашыка. Панізілі галасы. Выпілі яшчэ. Загаварылі пра космас, што вось зляталі туды, а Бога не знайшлі. І хоць усе адзінадушна, нават стары Мікалай Мірон, сышліся на тым, што Бога, канешне, няма, але нешта ўсё-такі ёсць. І трэба было б паслухацца парады старых мудрых людзей і апоўначы ўбіць у магілу Ігната-ведзьмака асінавы кол, бо не паспеў ён памерці, як пачаліся адна за адной сухія навальніцы; без дажджу, без хмар, сярод яснага дня маланкі лупілі ў што папала, і гэта вялікае цуда, што ацалела вёска; праўда, пастуха Козю на полі гром забіў, згарэў нашчэнт, толькі абвугленая галавешка ў труне ляжала.

— Не, Бог не Бог, а нешта ёсць…

— А што, хіба няма таго, што пужае?

Словам пужае завецца ўсё неверагоднае, містычнае, невытлумачальнае. Найчасцей яно існуе чамусьці ў выглядзе вогненнага шара памерам з футбольны мяч. У кожнага ёсць у запасе гісторыя.

— Неяк вяду веласіпед уночы… Коціцца клубок вогненны! Жарам гарыць! Пужае! Я падскочыў, як урэзаў насцаком! Клубок як запішчыць, як кінецца ўцякаць!.. Я цябе навучу!.. Я табе папужаю!..

Па Прыпяці ў цемры ўнізе павольна рухалася чародка агнёў. Буксір цягнуў баржу. Калі яна праплыла, ажывіўся самы стары, Мікалай Мірон.

— А то адзін раз было… Я ў войну іду з чыгункі… Іду. Едзе мадзяр на веласіпедзе… Я перш падумаў — немец. Вінтоўка за плячыма целяпаецца. Я шапку зняў… Ён едзе. Я добры дзень даў… Ён едзе. Я гляджу — мадзяр! Надзеў шапку. Ён едзе… Вінтоўка, праўда, за плячыма. Я саступіў з дарогі… Ён едзе…

Мікалай Мірон нарадзіўся ў 1900 годзе, і як у 14 гадкоў пайшоў працаваць на чыгунку, так і звекаваў на ёй. Улады мяняліся, а ён адзін быў нязменны. Без чыгункі ніводная ўлада не абыдзецца. Ён і служыў кожнай уладзе: царскай, пралетарскай польскай, нямецкай, савецкай, — а ўжо якія там былі цягнікі, чые яны, і што на вагонах напісана, якія штэмпелі стаялі, яму было ўсё роўна. Здавалася б, які лёс! Якое багатае на падзеі жыццё! Чаго толькі чалавек не набачыўся! Колькі ўсяго можа расказаць! А нічога падобнага. На самай справе ён ніколі не быў далей свайго райцэнтра, ні служыць, ні ваяваць чыгуначнікаў не бралі, увесь яго светапогляд абмяжоўваўся двума перагонамі ў два бакі ад станцыі каля вёскі. Нават калі аднойчы мужчыны паднялі пытанне на такую, здавалася б, блізкую яму тэму: чаму цягнікі з гладкімі коламі не звальваюцца з гладкіх рэек? — і тут ён нічога не змог адказаць, прамямліў, што, можа, таму, што колы магнітныя і прыліпаюць да рэек.

— …Я іду. Мадзяр едзе…

Тут раптам узнікла з цемры вельмі высокая постаць і пачала набліжацца да вогнішча. Усе прыціхлі. Постаць наблізілася, удвая паменшала, і ўсе ўбачылі, што гэта іхні брыгадзір, Стась Маслоўскі. І вельмі ўзрадваліся яму. Кожны зрабіў рух, што хоча пасунуцца, хоць месца хапала.

— Сядайце, Стась Касперавіч!

— Сюды, тут мякчэй…

— Юшкі засталося, хоць і прастыла…

— Затое шчупаковая…

Брыгадзір пахіснуўся, відаць, ад таго, што выйшаў з цемры да святла.

— А я лодкаю… Папрасіў рыбака. Лодкай перавёз мяне. Рачное таксі! — і засмяяўся крышку гучней, чым трэба, і твар у яго, падалося, быў чырванейшы, чым звычайна. Але гэта, канешне, ад агню; ва ўсіх твары чырвоныя.

Маслоўскага любілі, хоць крыху і пабойваліся — усё ж такі што ні кажы, а ён паляк. З іншага боку, прыемна, што ён хоць і паляк, а такі ж, як усе: есць, штаны носіць, гарэлку п’е. І ўсё адно за тое, што ён паляк, было чамусьці шкада яго. Любому чалавеку, відаць, сорамна жыць не на радзіме. Няўтульна. І таму Маслоўскага заўсёды стараліся падбадзёрыць, лішні раз сказаць добрае слова — вядомая беларуская рыса, гэтая перабольшаная гасціннасць да іншародцаў, каб не дай Бог не пачувалася ім тут горш, чым дома.

Маслоўскі выцягнуў з кішэні пляшку гарэлкі, бухнуў на траву.

— Ну, хлопцы, грошай вам будзе… Не ведацьмеце куды складваць! У Нароўлю тры разы матлянуўся… З бухгалтаркаю… Ну, Зося завуць, каторая замуж выйшла…

Як пачулі пра грошы, як убачылі яшчэ выпіўку — узбудзіліся! Заганарыліся! Пачалі набіваць цану сабе, сваёй працы. Калі так добра плацяць, дык, мабыць жа, ёсць за што.

— Цяпер касілкі, касілкі… А карова не есць з-пад касілкі сена!

— Толькі з-пад касы!..

— Не, ну мо цераз сілу, як выгаладаецца, але што там будзе за малоко…

Тым часам каля другога вогнішча Пятро Кветка не ідзе спаць, сабраў вакол сябе дзяцей, курыць, забаўляе іх байкамі, сыпле такімі слоўкамі, як аксакал, саксаул, сакля, рахмет, салям… Усю Сярэдняю Азію ён называе Узбекістан, а ўсіх без выключэння азіятаў — узбекамі.

— Дзядзька Пятро, а кіргізы? — пацяшаюцца, хіхікаюць разумныя дзеці. — Казахі хіба — таксама ўзбекі?

— І азербайджанцы, дзядзька Пятро?

— І японцы?

— Усе падрад, — пацвярджае Кветка. — Вельмі дабрачыя людзі!

Валя круціцца ў шалашы, і злосць у ёй расце: на камароў, на ноч, на цела, што свярбіць, на рукі, што гудуць, асабліва на смех, які перашкаджае думаць і спаць.

— Вось ненавісны, — варочаецца яна.

Яна зайздросціць чужому смеху, радасці, не разумее, чаму людзі да яго горнуцца, а да яе — не. Ад малых адбою няма, ён і сам любіць дзяцей, толькі чамусьці не сваіх, а чужых.

— Там шакалы жывуць… Сабачкі такія… Выйдзеш з саклі ў барханы, настраляеш шакалаў…

Дзеці пераглядваюцца, пераміргваюцца — такі стралец… Усе выдатна ведаюць, які ён жаласлівы, ён нават траву касіць шкадуе, шыхае асцярожна, пільна ўглядаецца, каб не цапнуць якую жабку, а калі ўбачыў перарэзанага напалам маладога вужыка, дык збялеў, рукі трэсліся, і жонка на ўвесь луг крычала пра яго нікчэмнасць.

6