— А хто мне памагаў? Сам!
— Ох, сам, Грышачка, век сам, і не прапаў, у людзі выйшаў, і матку няшчасную глядзіш, не кінуў, і ўсё ў цябе ладненька-складненька…
Каб хто чужы паслухаў, дык можна было падумаць, што Грыша дзве аспірантуры скончыў, а не дзве ходкі меў. Недзе далёка, на другім канцы вёскі, празвінела вядро ля студні, а пачулася як зусім побач. І такое блізкае было неба, што звон вядра даляцеў да яго, і зоркі таксама празвінелі ціхім рэхам у адказ.
— Так цёпленька сядзець дома, целевізар глядзець, а яму холадна, — забывалася Махновачка і казала пра Пятра, як пра жывога. — Так ужо шкода яго, так шкода! Такі добры быў… А што бачыў за век? Нічога. Добрыя ўсе няшчасныя, а злыя — шчаслівыя.
Тут Грыгор не згадзіўся. Ён лічыў сябе і шчаслівым, і не злым.
— А чым ён няшчасны? Яму выкапалі, труну зрабілі, вянок купілі… Усё як у людзей. Ляжы сабе.
— Ён не ў зямлі ляжыць, а вісіць на небе, — сказаў раптам малы Васілёк, падціскаючы ногі. — Бачыць нас і ўсё чуе.
І праўда — такое хараство было разліта вакол, што не дапускала яно думкі пра смерць; ды не бывае яе, не можа яе быць у гэтай зорнай бясконцасці, сярод вечнай гармоніі, дзе ўсяму сваё месца, дзе ніводная касмічная пылінка не з’яўляецца і не знікае сама па сабе, без чыёйсьці на тое волі!..
А зоркі ўсё пераміргваліся, усё тоненька звінелі, нібы на самай справе гэта былі незлічоныя душы даўно ад нас адляцелых, якія цяпер там, уверсе, працягваюць жыць, перамаўляюцца паміж сабою на сваёй мове, пазіраюць на нас і спачуваюць нам.
Пятра пахавалі зімой, а ўлетку да Валі пасватаўся ўдавец з суседняй вёскі, таксама, як і нябожчык Пятро, за яе маладзейшы. Нармальны чалавек. Не піў, не курыў. Меў бензапілу і сына гадамі такога, як Любка. Валя пайшла за яго. Ён прадаў сваю хату, перабраўся да яе, і яны пачалі жыць, як так і трэба.
Чаму такіх мужчын наносіць на такіх, як Валя, што яны ў іх знаходзяць — вялікая загадка, і разгадкі ёй пакуль няма ў гэтым свеце. Справа густу? Каму падабаецца поп, а каму пападдзя? А можа тут звычайны цвярозы разлік: вазьму такую ведзьму — удзячная будзе, больш любіць будзе, здраджваць не будзе, а я, наадварот, пад усю гэтую валынку разгарнуся, пад шумок пачну рабіць, што хачу… А дудкі. Ніколі так не атрымаецца. І хіба пад старасць, калі ўжо, уласна кажучы, позна, спахопіцца такі мудрэц — дык што ж гэта атрымалася? — не я яе, а яна мяне пад сябе падмяла, не я на ёй, а яна на мне ўсё жыццё праездзіла…
У канцы лагоднага ціхага жніўня, калі ляталі сярэбраныя ніці з чорнымі павучкамі на іх, каліна гнулася ад цяжкіх гронак, а пад вокнамі ўздоўж сцяны кіпелі ў самай квецені вяргіні і мальвы, выкідвалі свае высокія стрэлкі гладыёлусы, — увечары Махновачка збірала сына ў першы клас. Васілёк быў рады, ён ужо ўмеў чытаць, пісаць і ведаў табліцу множання. Махновачка нават нагледзела і падвязала нітачкамі лепшыя кветкі, каб зрэзаць іх заўтра свежымі ў букет. На канапе ляжалі касцюмчык, кашулька, стаялі сандалі, усё новенькае. Кулініч спецыяльна вазіў сына ў горад на прымерку. На стале — падручнікі, сшытачкі і ранец. Махновачка сабралася сына мыць. Выпаліла ў печы, наставіла чыгуноў, балею, начоўкі… Думкі раіліся, скакалі весела і бязладна. Яна ўяўляла, як яны будуць з бацькам правяраць дзённік, памагаць яму рабіць урокі; а як вырасце і ажэніцца, будуць любавацца на іх, маладых, і толькі шкада, што нельга ў царкве, бо самі яны з Кулінічам распісаліся ў сельсавеце — так сабе, не вельмі каб было ўрачыста…
Яна наставіла чыгуноў, сын быў ужо голенькі, неяк аступіўся і сеў у кіпецень. Пасля Махновачка расказала, што ён не паспеў нават ускрыкнуць, але яна сама тады зараўла так нема, што ніводзін гук проста не быў бы пачуты. У сына задок, і ўсё, што можна, было зварана ўкрутую, да сіняй чарнаты. Ён сканаў, не даехаўшы да бальніцы. Кулініч сам зрабіў маленькую труну, вычасаў невысокі дубовы крыж. Пастаяў з сякераю ў руцэ, паблукаў позіркам па двары. Потым пайшоў і пад корань пачаў секчы каліну. Падалі на плот, разбіваліся, лопаліся чырвоныя буйныя ягады. Куст супраціўляўся смерці. Сякера саспружыніла на нечакана цвёрдым ствале, рука дрыгнула, і ўдар прыйшоўся па назе. Кулініч аберуч заціснуў рану і прамовіў:
— Баліц!..
Вось так яно спрацавала, гэтае подлае, бязлітаснае, жорсткае да агіды правіла — не забывайся, хто ты ў гэтым свеце, не любі моцна, не прывязвайся да каго б ні было, не прывыкай, будзь заўсёды напагатове, каб не заспела знянацку, умей абараняцца, трымай пра запас усе варыянты — аж да самага горшага… А забудзеш, расслабішся, захочаш пазіраць на гэты свет шырока раскрытымі васільковымі вачыма — дык мы напомнім!..
Пераносілі гора Кулінічы мужна. Прынамсі, знешне. Толькі некаторыя новыя рысы ў іх паводзінах, характарах, звычках з’явіліся, і гэтае новае дзівіла.
Напрыклад, Махновачцы ўвесь час трэба было, каб у яе былі занятыя рукі. Даходзіла да таго, што — усё адно не спала — палола ўночы агарод, у цемры навобмацак аддзяляючы бульбоўнік ад зелля.
— Чаго ты зноў ноччу на градах? — злаваліся на яе.
— То я коціка шукала… Коцік у разору забег, мяўкае, — хлусіла яна, апраўдваючыся.
— Грэх так моцна перажываць! Яшчэ бяду на вёску наклічаш!..
Смерць сына выявіла не горшыя якасці Кулінічаў, а лепшыя. Іх пачало цягнуць да людзей, гэтым яны думалі выратавацца. Махновачка куды б ні шла, як убачыць каго на агародзе ці ў двары — бяжыць, спатыкаецца:
— Хоць трохі што памагу…
— Ідзі! — гналі яе. — Не трэба тваёй работы!
У Валі каля варот рос малады дуб. Прымак, каб паказаць сваю гаспадарскасць, пачаў з таго, што бензапілой яго зваліў, каб зрабіць новае шула. Абчасаў. Шнур нацёр вугалем, цвічком прыбіў, нацягнуў на струну, прыпадняў — шпок! — адбілася роўная чорная адмеціна, па якой можна дзяўбаць пазы. Кулініч здалёк угледзеў, ідзе, спяшаецца, нагой заграбае — усё ж такі пашкодзіў сякерай. У руцэ пешня, цягнецца па зямлі, як шчупакоў хвост.