Дзікі Луг - Страница 13


К оглавлению

13

— Куды ты йдзеш, куды? — сярдзіта крычыць прымак. — Чаго ты йдзеш, чаго?

— Памагац!

Яшчэ Махновачка палюбіла хадзіць у госці. Кожны вечар брала гасцінец і ішла да каго-небудзь. Дык бачылі праз акно, што яна ідзе, і ўцякалі, або зачыняліся, затойваліся, нібыта няма дома. Пайшла чутка, што яна ходзіць красці. І неяк так атрымалася, што пачалі зваць яе ўжо не Махновачка, а Махноўка, і разам з гэтым ласкавым суфіксам сапраўды як бы выпала, знікла абаяльнасць, а засталося толькі нешта ад нелюдзімага бацькі Махно.

Махноўка зразумела, што яе проста цураюцца, не хочуць, не любяць, калі прыйшла неяк да Валі, прынесла жоўтых гарбузовых семак дзеўкам.

— Знаеш што, — сказала Валя, — Пятра больш няма, не хадзіце сюды. Ні ты, ні Кулініч. Я цябе слухаць не хачу. А за тую ласяціну аддам як-небудзь… У мяне чалавек памёр, дык мяне ніхто не шкадаваў, майго гора ніхто не бачыў, а ў цябе ўжо такое гора, што толькі на руках насіць.

Аднойчы раніцай Махноўка сабралася і пайшла пехам за дзесяць кіламетраў у горад у царкву. Што там было, што яна ў каго прасіла, невядома, але вярнулася яна змененая, як бы аддаленая ад людзей.

Да яе душы цяпер дабрацца стала немагчыма. Ёй скажаш, дождж ідзе, яна ў адказ:

— Хай ідзе! — а вочы застылыя, нерухомыя.

— Селядцы ў магазін прывезлі…

— Хай вязуць.

— Сюзана Грышава дзевачку нарадзіла…

— Хай нараджае.

«Ды што ж гэта за мукі такія… Ты ж яшчэ не старая, схадзі ў паліклініцу, праверся, цяпер жа і ў пяцьдзясят нараджаюць, не тое што ў сорак…»

— Хай нараджаюць.

«Ці калі ўжо так несцярпіма, дык усынавіце! Схадзі ў органы апёкі», — раілі ёй.

— Хай усынаўляюць!

— Схадзі ты, я яшчэ цябе навучу, у малітоўны дом. Папы не памаглі, дык мо баптысты памогуць…

— Хай памагаюць, — зварочвала яна на бітую дарогу; голас сам па сабе, а думкі ў іншым месцы.

Гэтымі паводзінамі, як ні дзіўна, пачала яна нагадваць Грыгора. Адна ведаю нешта такое, чыталася на ёй, чаго вы не ведаеце. Толькі ў Грыгора было гэта з выклікам, з гаганькамі, а ў яе — з нейкім нядобрым самазаглыбленнем. А Грыша, новаспечаны бацька, якому пачала ўжо надакучаць яго спаважнасць і ўсё часцей цягнула яго на халасцяцкія гулі, — расказваў нам, падлеткам, што абляпілі яго лаўку, слухалі яго, набіраючыся блатной мудрасці, — як уночы прыбягала да іх Махноўка, памешаная, сівая, страшная, пакацілася ў ногі: «Грышачко, сыночак, аддайце мне дзевачку, вы сабе яшчэ народзіце!»

Мы рагочам…

Х

Яшчэ гады праз тры, у ліпені, Кулініч з Мікалаем Міронам прыйшлі на мост, паглядзець, як мы, ужо вялікія, пасля школы, хлопцы ловім рыбу.

Мікалай Мірон які быў, такі застаўся, хадзіў без кійка, і калі б цяпер ездзілі ў Дзікі Луг, ён паехаў бы. Але даўно ўжо ніхто нікуды не ездзіць.

Не тое Кулініч. Згорблены, з палкаю — пасечаная нага перастала згінацца. У яго зрабіўся цік на воку. Калі ён гаварыў, века пачынала торгацца, і разам з ім шчака, а са шчакой — задзіралася верхняя губа, і ўсе зубы з таго боку былі відаць. Грыша празваў яго за гэта Скалазуб.

Дзень быў цёплы, млявы. Мікалай Мірон пасядзеў крыху і пайшоў дамоў — піць соду. Мы вылезлі з вады, падзялілі ўлоў. А Кулініч з нахіленай галавою ўсё сядзеў і нешта мармытаў. Падкраліся ззаду — паслухаць, што ён там кажа. А ён нават не пачуў крокаў, не заўважыў, што ўжо не ловяць. Сядзеў, глядзеў уніз на ваду; і вусны яго шапталі:

— Ніжай, ніжай, ніжай…

Відаць, думкамі ён быў далёка адсюль, недзе там, на Дзікім Лузе, у тых часах, калі ён быў яшчэ ніякі не Скалазуб, а малады, дужы, радасны, удачлівы да таго, што нават рыбу мог злавіць, не замачыўшыся; калі ўсё было так светла, шчасліва, і верылася, што наперадзе будзе толькі лепш.

А можа, ён хацеў сказаць, што ж гэта за такая штука жыццё, як жа ж яно ўмее падманваць, то ўзносячы чалавека высока, а затым непазбежна апускаючы ўсё ніжай, ніжай, ніжай?..

2011 г.

13